|
*** Пасьля таго, як Баярын сыйшоў з паэзіі, мала што засталося для мяне блізкім з таго пакаленьня. Пакаленьня фантастычна разнастайнага – і значна больш разарванага, чым іх папярэднікі, больш радыкальнага і ў сваёй нязгодзе, і ў сваім канфармізьме . Гісторыя таго часу – шалёных дзевяностых – яшчэ не напісаная. Захацелася напісаць – ампутаваных дзевяностых – бо далей прыйшлі дзьвюхтысячныя, зь іх прамоцыямі і піярамі, з культам паверхні і грамадзтвам, якое абуржуазілася літаральна за дзесяцігодзьдзе. У дзьвюхтысячных бунт захлынуўся, частка нармалізавалася і прыняла форму пасьпяховых літаратараў. Кінутыя на амбразуру новай нармальнасьці, яны цяпер баяцца падыходзіць да скраю, – як жыцьця, так і мастацтва, і, як на мяне, дык занадта чакаюць ад слухача воплескаў, а ад культуры – гарантаванага мейсца. Зрэшты, пакуль яшчэ рана ставіць дыягназы. Для мяне лёгіка таго пакаленьня доўгі час была бінарнай: два полюсы, дзьве асобы, паміж якімі і разыгрываецца спэктакль эпохі. Баярын – гостры і непрытульны, які даводзіць бунт да апошніх наступстваў, паэзію да гермэтычнага і няўцямнага гэсту, вядзе яе да скраю, туды, дзе яна перамяняецца ў штосьці іншае. Большае ці меншае за паэзію – не так істотна. І Хадановіч – паэт надзвычайнай утульнасьці, паэт арганічны, які услухоўваецца ў музыку жыцьця, тчэ паэтычны ўзор з блізкага і знаёмага, з таго што пад рукой. Цяпер дадаўся трэці полюс: Макс Шчур. Макс Шчур – паэт тонкі і геамэтрычны. Хочацца нават сказаць пра паэтычнае піфагарэйства, альхімію лічбы. Ён паэт сярэдзіны, паэт формы, – але не фармальны. Шчур геамэтрычны, але тое, што вакол яго, кепска слухаецца лічбу. Часам здаецца, што сама матэрыя слова ўпіраецца, супраціўляецца – так, як гэта здараецца ў снах: ногі ня слухаюцца, стол уздымаецца ў паветра, птушка пераўтвараецца ў камень. І тады ён выпрабоўвае форму, бярэ яе на зуб. Часам каб толькі зразумець, ці можна ёй дыхаць. Калі жыць па начах, на належнай дыстанцыі ад багемнага места, аазісу штучнасьці, і ад пушчы, аазісу пушчы, дык станецца, што вы тыднямі й гуку вакол не пачуеце. Толькі раніцай, зрэдчас, бы з саду далёкага, кшталту рэха маленства, птушынага пошчака, вы пачуеце сьвіст свайго левага лёгкага, нібы ўмоўны сыгнал ад суседзкага хлопчыка. Магія ягонага верша – якраз у належнай дыстанцыі. І ня толькі ад багемнага места, але і ад рэальнасьці як такой. *** Апошнія гады я з асалодай назіраў, як разрастаецца яго галяктыка. Пераклады: ад Кэвэдо да Эліята і Кліма. Ад Прыгодаў Алесі ў дзівоснай краіне да вершаў Борхэса і Лоркі.. Трактаты і палемічныя творы: я дасюль памятаю з Фрагмэнтаў 2006 трактат пра сучаснае заходняе буржуазнае мастацтва –важны і надзвычай прыгожы аналіз таго, што нас неўзабаве чакае. Проза: ягоны нявыдадзены раман Там, дзе нас няма атрымаў прэмію імя Янкі Юхнаўца – ды так і застаўся нявыдадзеным. І ўсё гэта адбывалася недзе там, страшна далёка. Часам друкавалася ў часопісах, але пераважна зьяўлялася на ягоным Невідочным месьце (www.niamiesta.net). Усе чакалі – як і калі ён пачне вяртацца. І вось нарэшце – Амальгама – першая яго кніга, што выходзіць у Менску. Менск, 2010 |